Тэма 2.4. Стылістычная дыферэнцыяцыя лексікі.
Лексіка беларускай нацыянальнай мовы паводле сферы ўжывання
Пытанні для самакантролю
- Растлумачце значэнне тэрмінаў “беларуская нацыянальная мова” і “беларуская літаратурная мова”. Дакажыце, што пры класіфікацыі лексікі паводле сферы ўжывання аналізуецца лексіка нацыянальнай мовы. Адзначце, якія словы ўваходзяць у склад агульнаўжывальнай лексікі.
- Акрэсліце змест тэрмінаў “дыялектнае слова” і “дыялектызм”. Адзначце, чым дыялектызмы адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў і якія віды дыялектызмаў на падставе гэтага вылучаюцца. Адказ праілюструйце прыкладамі.
- Ахарактарызуйце асаблівасці спецыяльнай лексікі. Акрэсліце адрозненне паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі. Прывядзіце прыклады.
- Дайце характарыстыку жаргоннай лексікі. Прывядзіце прыклады жарганізмаў.
- Пакажыце ўзаемасувязь паміж функцыянальнымі стылямі літаратурнай мовы і стылістычным расслаеннем лексікі.
- Ахарактарызуйце групы слоў, якія адносяцца да кніжнай і да размоўнай лексікі. Акрэсліце значэнне тэрміна “лексіка-стылістычная парадыгма”. Прывядзіце прыклады.
- Дайце характарыстыку эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. Як падаюцца такія словы ў слоўніках?
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Прачытайце вытрымкі з твораў Івана Чыгрынава. Выпішыце са сказаў дыялектызмы, падбярыце да іх агульнаўжывальныя адпаведнікі, вызначце тып дыялектызмаў.
- У Верамейках даўней жыў Хомка Берасцень, па мянушцы Абы (“Абы етак, абы так”), чалавек, які бадай усё жыццё прытвараўся. 2. Рыпіна шмат у каго бабіла, а ў Сахвеі другі раз. 3. Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта Гасподзь знарок паклаў яе так. 4. На двары стаяла цэлае багно – прайсці да ганка можна было толькі паўз загавальню. 5. “Дзе распіскі пісаць цяперака, – махнуў рукою Зазыба. – Бярыце ўжо так, без паперкі”. 6. Марфа паставіла збоч дарожкі бяроставы кошык і пачала выціраць мокрай травой запяткі. 7. У хаце пахла гарэлай бульбай – недзе на загнетку сыходзіла гарачай парай атваранка.
Практыкаванне 2. Карыстаючыся энцыклапедыяй “Этнаграфія Беларусі” (Мн., 1989, С. 21, 122, 255, 297), падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне пра тайныя мовы вандроўных рамеснікаў, гандляроў, жабракоў дарэвалюцыйнай Беларусі: адверніцкую гаворку, выцірняцкі гаўрыднік, катрушніцкі лемезень, любецкі лемент.
Практыкаванне 3. Вызначце, да якога стылю мовы належыць прыведзены тэкст. Абгрунтуйце свой адказ. Выпішыце стылістычна афарбаваныя словы і выразы, растлумачце іх значэнне.
Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша свае вочы к сонцу і распрастоўвае свае магутныя плечы. Мілаванне свайго роднага слова, сваёй ядынай бацькаўшчыны Беларусі бярэ верх над адступніцтвам і прадажніцтвам сябе ў чужую няволю. Калі зірнем мы на тое, што за некалькі год зроблена намі, беларусамі, над падняццем свайго нацыянальнага багацтва, то адно толькі душа можа радавацца. Выходзіць у свет колькі беларускіх газет, друкуюцца кожны год дзесяткі кніжак розных названняў, закладваюцца беларускія выдавецкія суполкі, кнігарні. І ўсё гэта робіць сам народ ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі, аддаванымі на беларускія газеты, кніжкі. Мы працуем для ідэі і будуем самі сабе новае, лепшае жыццё. (Я. Купала)
Практыкаванне 4. М.М. Шанскі пісаў:“Класіфікацыя лексікі з яе стылістычнага боку звычайна ўскладняецца класіфікацыяй з пункту гледжання экспрэсіўнага, таму больш дакладна падзел лексікі па яе стылістычных асаблівасцях назваць класіфікацыяй з экспрэсіўна-стылістычнага боку”. Дайце двухбаковую (экспрэсіўна-стылістычную) характарыстыку слоў вершаплётства, сэрцайка, недарэка, гаспадынька, пісаніна, бялюткі, ціхенька.
Практыкаванне 5. Падбярыце да прыведзеных слоў і словазлучэнняў адпаведнікі з тоесным значэннем і акрэсленай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай.
Валасы … (памянш.-ласк.), … (зневаж.); няўклюдны чалавек …(неадабральн.); бязвольны, бесхарактарны чалавек … (зневаж.); чалавек, які лічыць, што ён усё ведае …(іран.); спакойнае, шчаслівае існаванне …(іран.); той, хто піша бяздарныя вершы …(іран.).
Практыкаванне 6. Напішыце казку “Ноч на Івана Купалу”, выкарыстоўваючы прыведзеныя словы народна-паэтычнай лексікі.
Купалінка, дзеванька, хлапчына, малойчык, садочак, сіраціна, ляшчыначка, вяночак, красачка, зара-зараніца, месячык, сонейка, ясназоры, цешыць, бяседачка, зелянюсенькі, маладзенькі, зёлачкі.